Текст песни:
Слаўлю адвагу, ваяроў сармацкіх Што пасеклі ў бітве рыцараў крыжацкіх
Меўся ордэн ўсю Літву з Польшчай зруйнаваці
Прагнуў права сваё нам гвалтам навязаці
Таму варта хутка на вайну збірацца,
Каб на прускіх землях з ворагам спаткацца
Гвалт крыжацкі супыніць ды уласнай сілай
Славу-волю нам здабыць для Айчыны мілай
Войскі ўсе выйшлі і хутчэй памчалі
Ды ля Грунэвальда станы пастаўлялі
Нашы Багародзіцу, немцы Dasticht завялі
Ды з гарматаў грукат-трэск гучна распачалі
Так літвіны смела з крыкамі нясуцца
А пад імі коні бакамі б’юцца
Смела з літвай Вітаўт рэй вядзе-трымае
І натхняе крыкам, шэрагі раўняе
Шалёна, мужна з гуфам гуф сячэцца
Як мядзведзь раз’юшаны, што на злом нясецца
Твар да твару сеча йдзе, немцы нас змагаюць
А ж літва з татарамі з лукаў іх накрываюць
Страшны хруст, звон, грукат, гром ідзе ад зброі
Горлы ў крыку лютым пазрывалі воі
Шум і звон ад зброі далятае страшна,
Сонца ў небе плыве залаціста-ясна
Прускіх дзесяць комтураў там важнейшых легла
Кроў струменем ліецца, немчура пабегла
Нашы колюць, рэжуць, б’юць, волю зброі даўшы
Ды палоняць комтураў, рукі ім звязаўшы
Дзідамі там немцаў, у хрыбты калолі
Ды вантробы люта ім з жыватоў паролі
Нашы моцна, смела гуф нямецкі білі
Як ваўкі пад кустам, кнехты галасілі
Колькі міль за ворагам нашы воі мчалі
Немцы леглі, як трава зброю пакідалі
________
Хутка вестку добрую нашы людзі мелі
І паветра і зямля ад імшы дрыжэлі
Ўдзячна па касцёлах Te deum завялі
І ў Літве і ў Польшчы Бога праслаўлялі.