Больш за 10 гадоў таму маладыя людзі (навукоўцы й студэнты) аб’ядналi свае высiлкi, каб дасьледаваць старажытную гiсторыю й культуру тутэйшае зямлi. Адным з накiрункаў работы стаў экспэрымэнтальны пошук у галiне архаiчнае сьпеўнае спадчыны. Этнаграфiчныя экспэдыцыi, у якiх адбываўся непасрэдны кантакт з жывымi носьбiтамі традыцыi, работа з аўдыё- й вiдэазапiсамi, стасункi з этнамузыколягамi й фальклярыстамi дазволiлi на працягу дзесяцiгодьдзя пераняць асаблiвасьцi старадаўняе сьпеўнае манэры.
Выканаўцы гурта GUDA практыкуюць голасны сьпеў (тэрмін уведзены этнамузыколягам спн. З.Я. Мажэйка), якi паходзiць ад гучнага сьпеву на адкрытым паветры. Асноўныя эстэтычныя крытэры выкананьня: уменьне «голасна весьцi» (сьпяваць працяжна, на вялiкiм дыханьнi), таксама «падняць» песьню (расьпець яе са звонкай грудной падводкай). Для голаснага сьпеву характэрна мноства гукавых фарбаў, акiя арганiчна ўплятаюцца ў мэлёдычную лiнiю напеву (глiсы на ўзлётах ды спадах, падрыгваньнi голасу, доўгiя й кароткiя воклiчы на асобных фанэмах - так выконваюцца, найперш, песьнi вяснова-летняга цыклу, бальшыня вясельных
ды радзiнных песень.
Аснову рэпэртуару гурта GUDA складаюць абрадавыя песьнi - найбольш архаiчны пласт традыцыйнае народнае культуры. Многiя песьнi ўжо не сустракаюцца ў жывым бытаваньнi - яны ўзноўленыя паводле нотных запiсаў.
Усе песьнi выконваюцца акапэльна.
Канцэптуальны падмурак першага дыску гурта - традыцыйны каляндар. Даўней год пачынауся ўвесну, 1 сакавiка (старадаўнiя месяцы маглi й не супадаць з цяперашнiмi). Назiраньнi нашых продкаў у старажытныя часы за астранамiчнымі зьявамi давалi магчымасьць дакладнага вызначэньня пачатку й канца каляндарных цыкляў. Песьнi, прымеркаваныя да даўнiх сьвятаў - аскепкi старога сьвету, якiя ляжаць глыбока ў сьвядомасьцi кожнага, хто вядзе свой радавод з тутэйшай зямлi.